СЕРВИСЫ
Каталог IT 
Разработка сайтов
Интернет-провайдеры

Отправить новость

Сообщите новость, интересную читателям 42.TUT.BY


реклама

Мінчук адбудоўвае помнікі беларускай архітэктуры ў віртуальнай прасторы


/

Мінчук у вольны час адбудоўвае помнікі беларускай архітэктуры ў віртуальнай прасторы. 42.TUT.BY прагуляўся па мурах адноўленага Крэўскага замку і распытаў, як выглядае праца 3D-дойліда.

Энтузіяст з Мінска сваю працу падпісвае творчым псеўданімам Ахрэм Белабровік. Ён працуе тэхнічным дызайнерам у сферы IT, а ў вольны час займаецца праектам VKL3D.COM . Сэнс праекта ў тым, што беларускія помнікі, якія зараз ужо амаль нельга ўбачыць, аднаўляюцца сродкамі 3D-графікі.



"Асноўная ідэя - аднавіць знешні выгляд значных гістарычных мясцінаў, каб можна было пабачыць на ўласныя вочы, як выглядала наша Радзіма стагоддзі таму, - тлумачыць Ахрэм Белабровік. - Менавіта ўбачыць, а не прыпомніць, што нешта там было ў школьным курсе ці ў нейкай там перадачы... А некаторыя, можа, упершыню даведаюцца, што тут была не толькі зямля "сялян і саломы", а магутная краіна замкаў і палацаў. Галоўная мэта праекту – адрадзіць веліч і дух той эпохі праз яе архітэктуру. Каб мы наглядна ўявілі, што нам ёсць чым ганарыцца ў нашым мінулым".

Зараз на сайце можна ўбачыць два архітэктурныя помнікі: Крэўскі замак і замак Сапегаў у Гальшанах. Першы скончаны амаль цалкам, работа над другім толькі пачалася.


У рэальнасцi ад Крэўскага замка засталiся толькi руiны.
Крынiца: wikipedia.org




Па трохмернай панараме можна нават гуляць.



Выгляд замкаў адпавядае таму, які яны мелі ў лепшыя свае часы некалькі стагоддзяў таму. Некаторыя панарамы суправаджаюцца гістарычнымі даведкамі.

"3D-аднаўленьне адбываецца пад пільным позіркам спецыялістаў у архітэктуры, гісторыі ды археалогіі. За аснову бяруцца старыя графічныя рэканструкцыі ці нешматлікія тэксты, сучасныя дадзеныя раскопак, - распавядае мастак. - Нешта, канешне, дадумваецца, некаторыя дэталі бяруцца з аналагаў, іншыя - дыктуюцца звычайнай логікай. Перыядычна я выязжаю на месца, каб паспрабаваць "воссоздать атмосферу", стоячы на тым месцы, ды перадаць яе гледачам. Але трэба ўлічваць, што гэта ўсё ж не чыста навуковы праэкт, а, хутчэй, навукова-папулярны. Ці, нават, больш дакладна яго назваць арт-праэкт, пабудаваны на навуковых фактах і гістарычных даследваннях."

Каб перавесці гістарычныя дадзеныя ў віртуальную прастору, Ахрэм Белабровік працуе адразу ў некалькіх трохмерных праграмах. Вось толькі адна лічба для прыкладу: цэнтральная панарама Крэўскага замку на даволі моцнай станцыі "рэндэрылася" (візуалізавалася) 177 гадзін.


Так выглядае праца "3D-дойліда" знутры
Крынiца: Асабiсты архiў героя




Але трохмерныя замкі – гэта не падручнік, і ў рэканструкцыі хапае забаўных цікавостак - так званых "вялікодных яек".

"Знайсці гэтыя "разынкі" часам не так проста, атрымліваюцца своеасаблівые галаваломкі для праглядальнікаў. Напрыклад, можна ўласнаручна "адбудаваць" вежу на Гальшанах: пацягнуць з заціснутай кнопкай мышку ўверх. А на наступным экране - пасачыць за таямнічым агеньчыкам у вокнах, калі з заціснутай кнопкай мышы павадзіць управа-улева".



Увесь праект 3D-дойлід, як ён сабе ў жарт называе, робіць адзін. Кансультацыямі яму дапамагаюць сябры: гісторык, архітэктар, мастак і праграміст-распрацоўшчык сайту. Фінансавання ў трохмернай рэстаўрацыі пакуль няма.

"Чаму праект бясплатны? У мяне, шчыра кажучы, такіх пытанняў амаль і не ўзнікала. У нас народ і так не надта распешчаны вялікай колькасцю інфармацыі пра сваю гісторыю – можа таму i не назіраецца, на жаль, вялікага ўздыму патрыятызму. А яшчэ за гэтае грошы браць... Не, не пра тое я марыў. Наадварот, хочацца, каб як мага больш людзей убачылі, каб даведаліся, "хто мы ёсць ды што мы ёсць", каб ганарыліся мінулым сваім... А мо хто паглядзіць-паглядзіць, ды пачне нешта са свайго боку, у нейкай сваёй плыні рабіць. Так і вернем свой гонар".





Але і магчымасць інвестыцый аўтар не адмаўляе, для чаго на сайце запланавана асобная старонка "мецэнаты".

"Канешне, хацелася б знайсці якія незалежныя крыніцы фінансаваньня, але гэта толькі дзеля таго, каб паскорыць працу, каб больш часу можна б было аддаваць творчасці. Сама праца па аднаўлённі ў любых выпадках ужо прыпыняцца ня будзе, наколькі, зразумела, дасць Усявышні".

Зараз 3D-мастак працуе над комплексам ў Гальшанах. Далей па плане - стары замак у Мядзелі.

"Ён вельмі цікавы па разьмяшчэньні сваім – хіба не адзіны, што стаяў на выспе пасярэдзіне возера. Але пакуль замала дэталізаванай інфармацыі набралося пра яго... Дый мапу хочацца "разбавіць", а то нешта ў адным месцы геаграфічна ўсё збіраецца. Таму буду яшчэ меркаваць - час ёсць. Там над Гальшанамі шчэ карпець ды карпець…"
Отправить новость
Сообщите редакции новость, интересную читателям 42.TUT.BY