• В Беларуси
  • Наука
  • Интернет и связь
  • Гаджеты
  • Игры
  • Оружие
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

В Беларуси


Міхаіл Дарашэвіч: "У Беларусі самая маладая інтэрнет-аўдыторыя ў Еўропе"Карыстальнік беларускага Інтэрнету — не маньяк і не адзіночка, а ўзорны сем'янін. Гэтыя і іншыя асаблівасці беларускай Інтэрнэт-аўдыторыі ў інтэрв'ю Еўрарадыё апісвае кіраўнік праекта Gemius у Беларусі Міхаіл Дарашэвіч.
 
– Карыстальнік беларускага Інтэрнету — хто ён такі? Мужчына альбо жанчына? Які ўзрост?

Міхаіл Дарашэвіч: Я думаю, што тыповыя карыстальнікі Інтэрнету ў Беларусі — гэта мы з вамі. Але як паказваюць вынікі аўдыторнага даследавання, большая частка беларускага Інтэрнету — гэта моладзь ва ўзросце 15-24 гадоў.

Якую яны маюць адукацыю?

– Часцей за ўсё сярэднюю ці сярэдне-спецыяльную. Хутчэй за ўсё, яны знаходзяцца ў працэсе атрымання вышэйшай адукацыі.

– То бок, хутчэй за ўсё, гэта будзе студэнт?

– Так, студэнт альбо школьнік.

– Калі параўнаць нашую інтэрнет-аўдыторыю з заходняй, ці мы адрозніваемся?

– Так, у Беларусі самая маладая інтэрнет-аўдыторыя ў Еўропе. Гэта сапраўды асаблівасць нашага беларускага Інтэрнету. І гэта вельмі добра.

– Але ж тут атрымліваецца, што больш сталая аўдыторыя нібыта выкінутая з гэтага працэсу?

– Не, тут ёсць іншы цікавы момант. Моладзі больш у беларускім Інтэрнеце, але яны менш праглядаюць інфармацыю. Яны чытаюць загалоўкі, яны спяшаюцца жыць — а ўжо людзі старэйшыя якраз больш чытаюць, больш робяць праглядаў на старонках беларускіх сайтаў.

Праблема ў тым, што самая дарослая група — гэта людзі старэйшыя за 55 год — іх вельмі мала ў беларускім Інтэрнеце. Таму ёсць некалькі прычынаў. Гэта, на жаль, і незнаёмства з камп'ютарнай і інтэрнет-граматнасцю. Іншая прычына ў тым, што гэтыя людзі прывыклі да іншых, больш традыцыйных сродках камунікацыі — тэлефонаў, тэлебачання, радыё…

– Ці шмат людзей у Беларусі не могуць сабе дазволіць карыстацца Інтэрнетам з-за таго, што ён дарагі?

– Так, звычайна я кажу, што інтэрнет-карыстальнікі ў Беларусі больш забяспечаныя ў параўнанні з астатнім насельніцтвам краіны. На жаль, у нас насамрэч вялікі парог уваходу ў Інтэрнет, але я спадзяюся, што ён будзе ўсё ж такі зніжацца. І тады, канечне, большая колькасць людзей зможа ім карыстацца.

Таксама актуальная праблема лічбавай няроўнасці — розніца паміж жыхарамі горада і сельскай мясцовасці. У больш дробных населеных пунктах людзям трэба тлумачыць, навошта ім можа быць карысны Інтэрнет.

– Магчыма, гэта і добра, што не ўсе могуць дазволіць сабе Інтэрнет? Можа быць, такім чынам беларуская інтэрнет-аўдыторыя становіцца больш якаснай?

– Я ні ў якім разе не пагаджуся. Лічбавая няроўнасць — гэта менавіта праблема. Некаторыя законы ці дакументы можна знайсці толькі ў Інтэрнеце. Атрымоўваецца, што людзі, якія не карыстаюцца Інтэрнетам, не будуць мець доступу да іх. Такім чынам адбываецца несправядлівае падзел людзей на Інтэрнет-граматных і на Інтэрнет-няграматных.

– Калі мы можам чакаць, што Інтэрнет у Беларусі стане танным? Калі ў кожнай кавярні будзе WI-FI? Колькі трэба чакаць — год, два?

– Магчыма, і год. Бо вельмі добра будзе спрыяць росту Інтэрнету тое, што мабільныя аператары пачнуць даваць больш паслугаў па доступе ў Інтэрнет. У апошні час ўсе аператары кажуць, што будуць ствараць сеткі 3G... Гэта, канечне, пазней, чым у астатніх еўрапейскіх краінах, але, тым не менш, гэта сведчыць пра рост у сферы перадачы даных.

– Калі ў Беларусі пачалі больш-менш масава карыстацца Інтэрнетам?

– Вы ведаеце, я баюся зараз памыліцца, але думаю, што Інтэрнет з нейкага вельмі нязведанага цуду для вельмі абмежаванай колькасці людзей стаў папулярным, калі Белтэлекам прапанаваў беспарольны доступ. Гэта быў ключавы момант для таго, каб людзі пачалі масава карыстацца Інтэрнетам.

Наступны такі рывок будзе, калі ўвасобіцца ў жыццё дзяржаўная праграма наконт таго, што ў краіне павінен быць 1 мільён 700 тысяч карыстальнікаў шыракапалоснага хуткаснага Інтэрнету. І тое, што мабільныя аператары пачнуць прадастаўляць больш танны Інтэрнет.

– Ці змянілася аўдыторыя з тых часоў, як людзі пачалі шырока карыстацца Інтэрнетам у Беларусі? Альбо гэта заўсёды быў студэнт 3-га курса?

– Спачатку аўдыторыя інтэрнет-карыстальнікаў у Беларусі — гэта былі ў асноўным людзі камп'ютарныя: была вельмі папулярнай ФІДО... Як раз тое, што стала больш моладзі — гэта добра, таму што гэта перастала быць прафесійнай сферай. Інтэрнет– карыстальнік — гэта ўжо не нейкі ўнікальны чалавек, не прафесіянал-спецыяліст. Цяпер гэта такі самы навык, як пісаць альбо чытаць.

– Ці было штосьці нечаканае для вас падчас даследаванняў беларускай інтэрнет-аўдыторыі?

– Заўсёды штосьці здзіўляе. Але нейкія рэчы досыць традыцыйныя. Для ўсходне-еўрапейскіх рынкаў — гэта тое, што колькасць мужчын-карыстальнікаў больш, чым жанчын (55% мужчын і 45% жанчын). Калі рынкі больш развітыя, жанчынаў, якія карыстаюцца Інтэрнетам, становіцца больш. Гэта натуральна адбываецца тады, калі становіцца больш карысных для жанчын рэсурсаў. Другая рэч — мужчыны больш актыўныя, яны робяць больш праглядаў на сайце.

– І якія сайты больш папулярныя сярод жанчын?

– З тых сайтаў, якія ўдзельнічаюць у нашым даследаванні, жанчыны найчасцей наведваюць marketing.by: магчыма таму, што жанчын-маркетолагаў больш. Таксама папулярны сярод жанчын сайт 360.by, таму што там афіша, там інфармацыя пра прыгажосць. Яшчэ ў жанчын заўсёды папулярныя турыстычныя сайты — і нашыя даследаванні гэта пацвярджаюць.

– А якія сайты папулярныя сярод мужчын?

– Натуральна, што спачатку ідуць сайты SNG.by і Maxigame — гэта сайты, на якіх знаходзяцца геймеры. Як паказваюць нашыя дадзеныя, мала таго, што на гэтых сайтах больш мужчын, дык яны яшчэ робяць больш праглядаў. Тая невялікая колькасць жанчын, якія выпадкова туды патрапілі, адразу ж імкліва сыходзяць з гэтых сайтаў.

І вось бачыце, што атрымліваецца. Мужчыны — яны могуць хаця б павесяліцца, а для жанчынаў забаўляльным сайтам будзе прафесійны marketing.by. З гэтых даследаванняў мы можам бачыць, чаго не хапае жанчынам. Тое ж самае і з мужчынамі: акрамя камп'ютэрных гульняў і тэхналагічных навінаў, куды ім пайсці?

– На колькі год мы адстаем ад заходніх краінаў па развіцці інтэрнет-тэхналогій?

– Гэта цяжкае пытанне. Таму што ў некаторых рэчах мы адстаем, а ў некаторых абсалютна знаходзімся на агульным узроўні. У гэтым і асаблівасць інтэрнет-тэхналогій, што тут немагчыма адставаць на 3-5-10 год: ёсць проста невялікая колькасць людзей, якая выкарыстоўвае ўсе магчымасці, якія цяпер існуюць у Інтэрнеце па ўсім свеце. Проста гэтая колькасць людзей можа быць маленькай, у параўнанні з астатнімі краінамі.

Сёння мы адстаем ад астатніх у цане на Інтэрнет, у інфраструктуры. Вельмі просты прыклад, што за межамі Мінскай кальцавой у вас не будзе шырокапалоснага доступу. Таксама у вас можа не быць шырокапалоснага Інтэрнету ў цэнтры Мінска. Натуральна, мы адстаем з пункту гледжання сервісаў, даступных беларусам...

Таксама мы адстаем у рэкламе. Калі параўнаць колькасць грошай, якія існуюць у інтэрнет-рэкламе, з іншымі краінамі, то ў нас гэта лічба будзе меншай, чым ва Ўкраіне ці Румыніі, і на парадак меншай, чым у Польшчы. Але тым не менш яна не нуль. І як бы мы ні ставіліся да рэкламы, яна важная — бо менавіта дзякуючы ёй праекты могуць ствараць больш цікавы змест.

– Што павінна адбыцца ў краіне, каб Інтэрнет стаў больш даступны?

– Напрыклад, у Эстоніі сёння WI-FI існуе ў кожнай бальніцы. Але фактарам, які паспрыяў развіццю Інтэрнету ў прыбалтыйскіх краінах, сталі банкі. Калі банкаўскія паслугі сталі каштаваць больш танна праз Інтэрнет — гэта адразу прывяло да таго, што людзі розных катэгорый, у тым ліку і сталыя, пачалі больш актыўна выкарыстоўваць Інтэрнет.

Яшчэ адзін добры прыклад ёсць ў Літве. Там сельскае насельніцтва здае малако. І лабараторыя, якая робіць яго тэсты, знаходзіцца ў Каўнасе. Вынікі тэстаў звычайна даступныя праз 3 дні. А ў Інтэрнеце іх можна паглядзець у той жа дзень. І бабулькі прыходзяць у пункты грамадскага доступу, каб атрымаць вынікі тэстаў малака хутчэй.Вось такія прыклады спрыяюць развіццю Інтэрнету.

Падобны прыклад: у нас цяпер людзі, асабліва бабулькі, вельмі любяць купляць латарэйныя білеты. Пасля можна праверыць у Інтэрнеце, выйграў твой білет альбо не. Але чамусьці гэта не стала штуршком да пашырэння Інтэрнету, як тое адбылося ў Літве...

Тым не менш, я бачыў, што «Спортлато», «Суперлато» — адны з найбольш частых запытаў, якія робяць Беларусы ў Інтэрнеце. Тут праблема можа быць у іншым: людзі папросту не ведаюць, што ёсць такі сайт.

– Ці ў кожнай краіне ёсць свой TUT.by? Альбо гэта выключна беларуская сітуацыя і гэта толькі нам так пашчасціла?

– Тут мы якраз вяртаемся да пытання пра адставанне. Ва ўсіх краінах заўсёды існавалі такія лідэры, якія мелі вельмі вялікую долю ахопу (60-80%), такога тыпу як TUT, які з'яўляецца сапраўдным парталам. Яны былі і ў Расіі, і ва Ўкраіне, і ў Прыбалтыцы, былі яны і Польшчы. Возьмем да прыкладу Delphi: яшчэ гады 1,5 таму ягоны ахоп быў калі 80%. Цяпер ён стаў меншы...

Калі з'яўляецца больш тэматычных ці іншых праектаў, то парталы пачынаюць губляць долю ахопу. Людзі пачынаюць пераходзіць на больш тэматычныя, спецыялізаваныя рэсурсы.

– Якія сайты найбольш папулярныя па наведвальнасці сярод беларусаў?

– Калі глядзець па трафіку, то акрамя TUT.by самымі папулярнымі будуць сацыяльныя сеткі і пошукавыя машыны — Google, Yandex. Натуральна, што папулярным беларускім сайтам з'яўляецца Onliner. Прыкладна на гэтым узроўні па папулярнасці знаходзіцца Livejournal.

Апошнім часам вельмі папулярнымі сталі сацыяльныя сеткі, такія як Vkontakte, Odnoklassniki. Але ў Беларусі ў лідэрах — расійскія сеткі. Таксама сярод папулярных рэсурсаў, якія вы пералічылі, толькі два можна лічыць беларускімі праектамі. Ці дрэнна гэта?

Адначасова і добра, і дрэнна. Дрэнна тое, што не развіваюцца беларускія рэсурсы. Але, з іншага боку, калі глядзець на сацыяльныя сеткі, такія як Vkontakte, Odnoklassniki: у іх, вядома, гаспадары— не беларусы, але той змест і кантэнт, які ствараюць беларусы – чаму б яго не лічыць беларускім? Сапраўды, ужо амаль без розніцы, хто ўладар пляцоўкі. Людзі з пэўных краінаў могуць ствараць свой кантэнт, свой карысны і ўнікальны змест.

– Той самы Livejournal — там ёсць выключна беларускія суполкі...

– Абсалютна. Яны папулярныя, і я б іх разглядаў цалкам менавіта як беларускія рэсурсы. Яшчэ адна важная праблема — гэта тое, што ў беларускім Інтэрнеце вельмі шмат сайтаў і яны вельмі неблагія, але пра іх проста не ведаюць. Таму што проста паказам банера пра іх больш не даведаешся. Вельмі цяжка, калі ты не ў Інтэрнеце, даведацца, што існуе цудоўны сайт. Павінны быць усемагчымыя віды афлайнавай актыўнасці: расказы па тэлебачанні, радыё, артыкулы ў газетах, якія б расказвалі, што можа быць карыснае ў Інтэрнеце.

Ва ўсім свеце Інтэрнет — дзеля таго, каб падтрымаць усе астатнія мэдыя. Тое, што не змяшчаецца ў тэлебачанні ці на газетнай паласе, — гэтаму ўсяму ёсць месца ў Інтэрнеце. А ў Беларусі — наадварот: традыцыйныя медыя падтрымліваюць Інтэрнет. Каб развіўся інтэрнет-праект, у традыцыйных медыях павінны больш расказваць пра Інтэрнет.

– Наколькі віртуальнае жыццё беларусаў? Ці шмат людзей ужо туды перамясцілася?

– Я думаю, нейкая колькасць людзей ужо туды перамясцілася. Галоўнае, каб людзям было карысна і цікава перамяшчацца туды, каб яны там не губляліся...

Інтэрнет-карыстальнікі — гэта ўсё ж такі людзі больш актыўныя. Яны хоць і знаходзяцца ў Інтэрнеце — гэта не азначае, што яны пасіўныя ў сваім жыцці. Мы ведаем шмат добрых прыкладаў, калі людзі збіраліся ў Інтэрнеце і рабілі вельмі карысныя акцыі: штосьці для дзетак рабілі ці для тых, хто хворы... І гэта мне падаецца вельмі важным. Пра гэтыя выпадкі, я думаю, павінны людзі больш даведвацца, у тым ліку праз традыцыйныя медыя. І тады тыя людзі, якія думаюць, што Інтэрнет — зло, будуць разумець, што з дапамогай Інтэрнету можна зрабіць шмат добрых спраў.

Я раптам прыгадаў яшчэ адну цікавую асаблівасць беларускіх інтэрнет-карыстальнікаў. Яны жывуць не паасобку. Гэта сацыялізаваныя людзі, яны жывуць у сем'ях.

Гэта цікава, таму што існуе такі стэрэатып, што людзі, якія сядзяць у Інтэрнеце, — антысацыяльныя і ўвогуле маньякі...

Дык вось такія даследаванні рэабілітавалі Інтэрнет, бо мы якраз і знайшлі, што гэтыя людзі — не адзіночкі! Яны жывуць у сем'ях, ім ёсць каму расказаць, з кім падзяліцца і каго прывабіць.

 
Нужные услуги в нужный момент
20170802