Юрый Зісер: Байнэт адстае ад сусветнага iнтэрнэту на 9 годІнтэрнет у Беларусі развіваецца хутка, мы проста нашмат адсталі.
 
Якой будзе электронная Беларусь праз 5 альбо 10 год, у інтэрв’ю Еўрарадыё разважае дырэктар і заснавальнік TUT.by Юрый Зісер.

- Прайшло два гады з таго часу, як вы давалі інтэрв’ю Еўрарадыё. Цікава, што змянілася за гэтыя два гады ў развіцці інтэрнет-тэхналогій у Беларусі?

- Нічога прынцыпова новага не адкрылі. Але што нашмат больш важнае — змянілася стаўленне да Інтэрнету ў грамадстве, змянілася яго роля. Адрозненне гэта колькаснае, але яно паступова перарастае ў якаснае.

Пры ўзроўні пранікнення Інтэрнету ў 33% ужо можна пра штосьці казаць. Калі кожны трэці жыхар краіны хоць раз у паўгода заглядвае ў Інтэрнет, і калі траціна мінчукоў кожны дзень карыстаюцца Інтэрнетам. У кожным доме ёсць камп’ютары — а гэта значыць, што ёсць і Інтэрнет.

- Але ўсё ж варта прызнаць, што Беларусь адстае ад сваіх суседзяў. На колькі год мы адстаем?

- Спецыяльна падлічваў, і ў мяне атрымалася, што ад ЗША мы адстаем на 9 год. Дзевяць год таму ў ЗША быў такі самы ўзровень пранікнення Інтэрнету, прыкладна такая ж колькасць блогаў на душу насельніцтва, як сёння ў нас.

Ад суседзяў адстаем нашмат менш. Я тут не вымяраў, але ў іх парадку 50-60% ўзровень пранікнення. І я мяркую, што за некалькі год, можа за 3-4 гады, мы гэта навярстаем. Урэшце рэшт усе ўсё роўна прыйдуць да аднаго прыкладна ўзроўню. І не трэба думаць, што ў нас горш за ўсіх: мы прыкладна пасярэдзіне.

- Гэты шлях развіцця інтэрнет-тэхналогій — ён адзін? То бок, усе краіны развіваюцца па аднолькавым алгарытме, але рознымі тэмпамі? Альбо ў кожнай краіне свая спецыфіка?

- Не, я б сказаў, што ўзровень пранікнення Інтэрнету залежыць ад эканамічнага развіцця грамадства. Чым вышэй эканоміка, тым хутчэй пранікае Інтэрнет.

- У Беларусі ёсць свае асаблівасці развіцця Інтэрнету. Што з нашымі тэмпамі?

- Тэмпы ў нас добрыя! Мы проста адстаем у часе, а тэмпы ў нас хуткія. Усё развіваецца хутка. Так, калі б кошты на Інтэрнет у нас былі такія ж, як у нашых заходніх суседзяў, то развіццё Інтэрнету пайшло б хутчэй. Але гэта ўжо не прынцыпова. Так, гэта адносна дорага. Але гэта ўжо нікога не стрымлівае.

- А што тычыцца такой асаблівасці беларускага Інтэрнету, як малады ўзрост яго карыстальнікаў?

- Дык гэта ва ўсім свеце так. У Вьетнаме — там увогуле адны дзеці і падлеткі ходзяць. Але, шчыра кажучы, у нас дарослая аўдыторыя таксама актыўна карыстаецца Інтэрнетам. Паглядзіце: 10 год таму Інтэрнет у Беларусі быў удзелам камп’ютаршчыкаў. Год 5-7 таму да гэтага як раз-такі далучылася студэнцтва. А сёння мы бачым, што менеджэры, дырэктары заводаў, газет-параходаў, дзяржчыноўнікі, міністры ходзяць кожны дзень у Інтэрнет. Усё грамадства будзе больш і больш уцягвацца. Так што я б тут не рабіў нейкай узроставай сегрэгацыі. Хаця так, моладзь уся там — амаль 100% моладзі сёння ў Інтэрнеце.

- Тое, што ў нас ёсць TUT.by, — гэта асаблівасць Беларусі? Альбо ў іншых краінах, у кожнай таксама ёсць свой TUT.by?

- У большасці краінаў ёсць свае парталы: і ў Расіі ёсць тры буйных краінавых парталы, і ва Ўкраіне чатыры парталы, і ў Польшчы ёсць як мінімум два парталы, у Чэхіі… У кожнай краіне ёсць. Ёсць вельмі мала краінаў без сваіх краінавых парталаў. Гэта нармальная з’ява.

- Але ж там іх некалькі, а ў нас толькі адзін....

- Ну, у нас і краіна паменей, і эканоміка меншая. Двух TUT.by краіна можа не вытрымаць. Бо парталы існуюць за кошт рэкламы — яны ж бясплатныя. А ў нас у Беларусі на рэкламу выдаткоўваюцца смешныя грошы. У Інтэрнеце грошай ідзе яшчэ менш, там проста няма чаго дзяліць. Таму новы гулец, калі б ён з’явіўся, мусіў бы разлічваць на вельмі доўгі цыкл вяртання інвестыцый. Краіна адносна бедная, таму ў ёй мала інтэрнет-рэсурсаў.

Магчымы нейкі паварот, калі будуць спрабаваць сюды пранікаць міжнародныя парталы. Ці калі будзе агульны паварот у эканоміцы, які прывядзе да яе рэарганізацыі. Калі суб’екты гаспадарання Беларусі будуць зацікаўленыя ў тым, каб іх тавары прадаваліся ў Беларусі — сапраўды зацікаўленыя! — тады яны пачнуць даваць рэкламу, з’явіцца больш рэкламных грошай і, адпаведна, з’явяцца новыя рэсурсы.

- Колькі часу павінна прайсці, каб у Беларусі бясплатны Wi-Fi з’явіўся ў кожнай кавярні?

- Вы ведаеце што, я прыехаў у Англію — ніякага Wi-Fi у кавярнях няма, а ў гатэлі Wi-Fi 5 фунтаў за гадзіну. Таму тут яшчэ ад краіны залежыць. Не трэба думаць, што агульная інтэрнетызацыя — гэта калі ідзеш па вуліцы і паўсюль табе Wi-Fi мроіцца.

Я б больш спадзяванняў ускладваў на тэхналогіі мабільнага Інтэрнету. Вось мабільны Інтэрнет цяпер расце хутчэй за ўсё. Я быў на канферэнцыі ў Лондане, і там прэзідэнт “Тэлеком-Італія” расказаў, што ў іх агульны трафік за год вырас у 1,5-2 разы, а мабільны трафік — у тры разы. Вось дзе кропка росту!

- А вы самі карыстаецеся мабільным Інтэрнетам?

- У мяне дома ёсць і стацыянарны, але на працягу дня я правяраю пошту, чытаю навіны менавіта на мабільніку, прычым ужо гадоў пяць. Я сабе не ўяўляю нічога іншага, мне мабільнік замяніў ноўтбук — я не карыстаюся практычна ноўтбукам, ён валяецца без справы.

- Раней, калі яшчэ я вучылася ў школе, у нас быў толькі адзін камп’ютарны клас, і тое толькi для ўрокаў інфарматыкі. Сёння школьнікі бегаюць на перапынках пасядзець у Інтэрнеце… Што будзе праз 5-10 год? Магчыма, у кожнага школьніка будзе свой Інтэрнет у мабілцы?

- Дык дзеці ўжо гэтым займаюцца. Я думаю, што праз 10 год у нас не будзе папяровых падручнікаў. Будуць у асноўным электронныя падручнікі, якія будуць сядзець у мабільніках у дзяцей, альбо выпусцяць нейкія больш зручныя спецыяльныя прыстасаванні. Я вось гляджу на тэхналогію электронных чарніл, электроннай паперы — гэта вельмі камфортна для зроку, і калі гэтая тэхналогія стане больш таннай, яна будзе паўсюль.

Я спадзяюся на гэтыя прыстасаванні, якія заменяць паперу. Вось як была рэвалюцыя Гутэнберга, калі перайшлі ад рукапісных кніг да друкаваных. Тады было шмат шуміхі на гэты конт, казалі, што друкаваная кніга бяздушная, што там няма душы перапісчыка, што гэта жахліва… Тым не менш сёння ўвесь свет карыстаецца друкаванай кнігай. Праз 10-20 год большасць кніг пяройдзе ў электронны фармат і больш не вернецца.

- Ці сталі людзі апошнім часам чытаць больш электронных СМІ і менш папяровых? Альбо электронныя СМІ ўсё ж такі пакуль не канкурэнт?

- Гледзячы ў якой сферы. Калі ў плане навінаў, то нікому не патрэбныя ўчорашнія навіны. І тут натуральна, што Інтэрнет усім дае фору — шмат хто чытае навіны ў Інтэрнеце, а будуць чытаць яшчэ больш. Але нікуды не дзенецца “глянец”. Я сабе не ўяўляю глянцавых часопісаў у Інтэрнеце: бо іх жа не чытаюць, іх прагортваюць у чэргах. Аналітычныя выданні яшчэ доўга будуць на паперы, але ў Беларусі іх мала, ізноў-такі з-за мізэрнасці рынка рэкламы.

- Ці змянілася апошнім часам стаўленне дзяржавы да Інтэрнету? Сталі менш баяцца, ці наадварот — больш? А кантраляваць сталі менш ці больш?

- Я лічу, што стаўленне палепшылася. І я б не сказаў, што Інтэрнет у нас неяк зарэгуляваны, што нейкія рэпрэсіі… нічога гэтага няма. Нас нават сёлета выключылі з спісу “ворагаў Інтэрнету”. Праўда, пакінулі пад наглядам, таму што летам мінулага году ў інтэрв’ю намміністра інфармацыі кінула фразу, што нам патрэбны кітайскі файрвол, сёлета Філарэт штосьці сказаў — і могуць зноў, не дай бог, унесці ў гэты спіс. Лепш бы такіх рэчаў увогуле не казалі, таму што рэальна ў нас добрыя ўмовы для развіцця Інтэрнету.

- А такія выказванні сапраўды адбіваюцца на рэальных захадах дзяржавы?

- У тым і справа, што не. Што гэта больш страшылкі, каб памяталі і ведалі, але гэта вельмі негатыўна ўплывае на грамадства: людзі думаюць, што тут нейкія рэпрэсіі, што вось-вось Інтэрнет закрыюць…

Блогі і сацыяльныя сеткі — звычайная мода, як на музычныя ансамблі. Яна праходзіць

- Што сёння самае папулярнае на ТUT.by?

- Самае папулярнае цяпер — гэта навіны, але так было не заўсёды. Гэта апошнія пяць год, а першыя чатыры гады найбольш папулярным сервісам была пошта. Людзі хадзілі на TUT.by з-за пошты ў дамене by. Тады гэта была самая тэхнічна дасканалая пошта на нашых прасторах.

- Якія плануеце ўводзіць навінкі ў бліжэйшы час на TUT.by?

- Хутка з'явяцца «Падзеі», так званая Афіша 2.0. Гэта калі карыстальнікі самі змогуць уводзіць свае падзеі ў TUT.by. Прычым яны могуць быць цалкам розных маштабаў — гэта можа быць канцэрт, можа быць вечарынка, а, можа, хтосьці хоча ў футбол пагуляць і шукае сабе кампаньёнаў. Такая атрымліваецца “народная афіша”. З’явіцца больш мультымедыйных навінаў, рэпартажных сюжэтаў, нашых уласных матэрыялаў.

- У інтэрв’ю Еўрарадыё два гады таму вы казалі, што блогі не стануць папулярнымі, што праз год-два ім на змену прыйдзе штосьці іншае, а блогі так і застануцца ўдзелам кучкі пісьменнікаў. Ці не думаеце вы цяпер, праз два гады, што тады вы ўсё ж такі недаацанілі блогі? Два гады мінулі…

- Не, я думаю, што я меў рацыю, бо пра блогі ўсе забылі і рынуліся ў сацыяльныя сеткі. А манетызацыі блогаў як не было, так і няма.

- То бок, на змену блогам прыйшлі сацыяльныя сеткі?

- Так, а праз год прыдумаюць яшчэ штосьці новае… Сацыяльныя сеткі ўжо выходзяць з моды. Пра “аднакласнікі” ўжо ніхто не ўзгадвае. Гэта самая звычайная мода — як на музычныя ансамблі.

- Што вы думаеце наконт такой з’явы, як інтэрнет-залежнасць? Ці яна сапраўды існуе?

- Так. Есць людзі, якія любяць завязаць у чымсьці, якія баяцца наваколля. Неабавязкова ў Інтэрнеце. Да Інтэрнету гэтыя людзі чыталі кнігі запоем ці хадзілі дварамі сценка на сценку, займаліся радыёэлекронікай — паялі сабе штосьці ціхенька ў кутку. Гэтыя людзі так ці інакш знаходзілі спосабы адмежаваць сябе ад гэтага страшнага, жахлівага асяроддзя. Заўсёды так было, і ў даэлектронную эпоху. Гэтыя людзі проста знайшлі яшчэ адзін інструмент, як зрабіць сябе залежнымі ад чагосьці.

 
{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-10%
-10%
-15%
-50%