
Першай пачала пераносіць свае серверы ў Беларусь кампанія Extmedia. Паводле словаў дырэктара кампаніі Максіма Саўчанкі, гэта каласальныя выдаткі.
“Мы выкупілі серверы, якія выкарыстоўвалі на замежных пляцоўках. Зараз мы іх фізічна перавозім у Беларусь, а сайты мы перанеслі загадзя на серверы ў Беларусі, каб у кліентаў не было перапынкаў у абслугоўванні. Абсталяванне мы размяшчаем у ЦАД на Захарава. Наколькі мне вядома, у іх ёсць праблемы, таму што вялікі попыт, і яны, магчыма, не былі гатовыя, але нам пайшлі насустрач і далі некалькі стоек”.
Кампанія hoster.by таксама пачала пераносіць сайты з Масквы ў Мінск.
"Мы закупілі новае абсталяванне, размяшчаем яго ў “Белтэлекаме” і пераносім дадзеныя. Пераносім на Ўбарэвіча, таму што на Захарава месца ўжо няма", — распавёў Еўрарадыё кіраўнік hoster.by Сяргей Павалішаў.
Выдаткі на перанос абсталявання даволі вялікія. Напрыклад, пры перавозе праз мяжу сервер становіцца амаль удвая даражэй, а на закупку новага абсталявання патрабуюцца дзясяткі тысяч долараў. Толькі адзін сервер можа каштаваць больш за 10 тысяч долараў. Усе гэтыя затраты ў выніку кампаніям давядзецца перанесці на карыстальнікаў.
“Белтэлекам” з'яўляецца манапалістам на знешні канал трафіку ў Беларусь, але адкрываць свае дата-цэнтры можа хто заўгодна. Таму кіраўнік піяр-службы кампаніі Аляксей Федарынчык прапанаваў фірмам развіваць сваю інфраструктуру, бо “Белтэлекам” даваць месца пад серверы не абавязаны.
"Дата-цэнтр “Белтэлекама” — гэта не грамадскі транспарт, груба кажучы. Гэта бізнес, якім могуць займацца іншыя кампаніі. Таму хапае месцаў ці не — гэта бізнес нашай кампаніі, і мы вызначаем, колькі мы можам выдзеліць месца. Акрамя дзвюх пляцовак у Мінску, ёсць яшчэ па адной у кожным абласным цэнтры. Таму нейкае месца ёсць".
90 працэнтаў трафіку ў Беларусі — з-за мяжы, за яго “Белтэлекам” плаціць грошы знешнім аператарам. Таму існуе меркаванне, што калі трафік сканцэнтраваць у Беларусі, то і інтэрнэт стане танней. Так лічаць некаторыя эксперты і ў “Белтэлекаме”, і ў “Мінсувязі”.
На думку Максіма Саўчанкі, такое меркаванне памылковае, бо большаць замежнага трафіку ў краіне даюць пошукавыя сістэмы ды замежныя серверы, якія ў Беларусь перанесці немагчыма.
Укладаць жа грошы ў развіццё інфраструктуры і будаваць уласныя цэнтры апрацоўкі дадзеных нявыгадна. Такія цэнтры будуць акупляцца больш за 10 год, нават калі ўкладацца разам некалькім кампаніям.
А грошай у беларускім інтэрнэце вельмі мала. У 2009 годзе на 3 мільёны карыстальнікаў было толькі 4 мільёны еўра патрачаных на інтэрнэт-рэкламу.
"Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы сярод краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы", — кажа кіраўнік праекта Gemius у Беларусі Міхаіл Дарашэвіч.
Найбольшая лічба — у Чэхіі: там прыпадае 49 еўра на чалавека, у суседняй Польшчы — 23.
Гэтыя грошы прыходзяць праз маладыя кантэнт-праекты і развіццё інфраструктуры, а ўсё гэта проста спыняе новы ўказ. Такім чынам, у Беларусі спрабуюць рэгуляваць бізнес, які яшчэ не створаны.
Найбольшая колькасць грошай, якія ідуць на інтэрнэт-рэкламу, — у Расіі: 431 мільён еўра, а Беларусь і тут знаходзіцца на апошнім месцы.