Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

В Беларуси


Беларускі аўдыявізуальны архіў (БАА) стварыў свой першы сайт — baavi.net, на якім апублікаваў сотні матэрыялаў, прысвечаных найноўшай гісторыі Беларусі. У інтэрв'ю Naviny.by каардынатар БАА кінадакументаліст Алег Дашкевіч распавядае пра гэтую ініцыятыву.

— Што такое Беларускі аўдыявізуальны архіў?

— Ініцыятыва стварэння гэтага архіва паўстала з боку нашых польскіх сяброў. Мэта архіва — паціху-патроху сабраць усё, што застаецца па-за нацыянальным архівам. Многія аўдыявізуальныя матэрыялы ў Беларусі ствараліся і ствараюцца людзьмі, незаангажаванымі ні ў якіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі альбо ў СМІ ўвогуле. Нам часта сустракаліся вельмі цікавыя рэчы, якія неслі і нясуць адбітак часу. З цягам часу любы архіўны матэрыял робіцца ўсё больш карысным і каштоўным. Мы пачалі такі архіў паступова збіраць, і, у рэшце рэшт, назбіралі.

— А калі паўстала ідэя?

— Архіў пачаў стварацца чатыры гады таму, але ідэя паўстала яшчэ раней. Яе рэалізацыя патрабавала часу і пэўных намаганняў, але цяпер у нас нават ёсць сайт, на якім можна пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі.

— Для каго прызначаны гэты сайт?

— З большага, для ўсіх. Па-першае, натуральна, для тых, каму аўдыявізуальная прадукцыя патрэбна для працы, скажам, для нейкіх доследаў. Па-другое, проста для неабыякавых людзей, якія хочуць, напрыклад, адчуць нейкія эмацыйныя моманты, якія адбываліся пяць, сем альбо дзесяць гадоў таму. За апошнія дзесяцігоддзі столькі ўсяго адбылося, столькі прайшло нашых, не чужых, эмоцый, што калі адчыняеш запісы дзесяцігадовай даўніны, дык трапляеш у абсалютна іншую атмасферу.

— Што, напрыклад, можна знайсці на сайце БАА?

— Гэта і хроніка, і скончаныя дакументальныя творы, на якія мы маем правы. Ёсць нават home video — якое мае эмацыйнае напаўненне.

Памятаю, калі я рабіў фільм “Маналогі”, мне спатрэбілася хроніка 1980-х гадоў. Мне прынеслі здымкі, абсалютна не прывязаныя да сюжэта фільма, — напрыклад, кадры людзей на пляжы — і гэта было менавіта тое, што трэба.

Гэта настолькі ўражвае! Калі глядзіш хроніку, напрыклад, 1980-х гадоў, ты абсалютна адчуваеш іх атмасферу, проста апынаешся там. Людзі на стужцы, іхнія твары, іхнія рухі гавораць значна больш, чым мы можам уявіць. Яны дазваляюць прафесіяналу і аматару акунуцца ў тую атмасферу.

— Калі ў маім хатнім архіве ёсць здымкі на відэа ці на кінастужку, звязаныя з найноўшай гісторыяй, ці магу я ахвяраваць іх БАА, а калі магу — ці з'явяцца яны на сайце?

— Мяркую, што так, бо гэта таксама капітал. Архіў тым і карысны, што ён назапашвае, і назапашвае, і назапашвае…

Даведка Беларускага аўдыявізуальнага архіва

Беларускі аўдыявізуальны архіў (БАА) — міжнародны праект з удзелам людзей з розных краін Еўропы, перш за ўсё — беларусаў. Пачаў стварацца ў 2007 годзе. Першапачаткова стваральнікаў БАА цікавілі дакументальныя матэрыялы, якія тычыліся апазіцыі васьмідзясятых і дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, яе гісторыі і вытокаў.

Матэрыялы БАА суправаджаюцца апісаннямі на чатырох мовах: англійскай, беларускай, польскай і рускай. Апісанні рыхтавалі спецыялісты і энтузіясты.

Матэрыялы траплялі ў архіў рознымі шляхамі. Часам людзі альбо арганізацыі перадавалі іх з просьбай захаваць для будучых пакаленняў. Сярод іншага, БАА валодае архівамі беларускага ПЭН-цэнтра (больш за 40 матэрыялаў) і Радыё 101.2 FM (8 запісаў), зачыненага ў 1996 годзе.

Фотаматэрыялы прадстаўлены анлайн-галерэямі вядомых беларускіх фатографаў і мастакоў, а таксама тэматычна. У дадзены момант у распрацоўцы знаходзіцца фотагалерэя “Беларуская апазіцыя 80 гадоў”.

Частка матэрыялаў размешчана на сайце baavi.net. Іншая частка знаходзіцца толькі ў Беларускім аўдыявізуальным архіве. Большасць кінаматэрыялаў прадстаўлены на сайце цалкам, у выглядзе фрагментаў-трэйлераў альбо стоп-кадрам з апісаннем матэрыялу.


Кінаматэрыялы

Усяго: 308
Змешчана на сайце: 290
Матэрыялаў, даступных на сайце цалкам: 189
Матэрыялаў, даступных на сайце фрагментамі: 80
Матэрыялаў, для якіх даступна толькі апісанне: 23
Матэрыялаў, якія знаходзяцца толькі ў архіве, але не на сайце: 16

Фотаматэрыялы

Усяго: 480 здымкаў
Змешчана на сайце: 18 галерэй
Рыхтуецца: "Беларуская апазіцыя 80 гадоў"

Аўдыяматэрыялы

Змешчана на сайце: 8 запісаў  
Нужные услуги в нужный момент