Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

В Беларуси


Уладзіслаў КУЛЕЦКІ,

Думаю, шмат каму хоць раз у жыцці прыходзілі па электроннай пошце паведамленні аб тым, што яны сталі шчаслівымі ўладальнікамі нейкага прыза ці вялікай спадчыны. Абагульнена гэта ўсё называецца "нігерыйскімі пісьмамі". Я таксама атрымаў такі ліст і вырашыў прыкінуцца недалёкім чалавекам, які і праўда паверыў, што яму дадуць некалькі мільёнаў баксаў. 

Грошай не атрымалі — і забыліся на мяне

З першага ліста я даведаўся, што "мой сваяк" быў "незалежным нафтавым магнатам у Тога" і пакінуў велізарную суму грошай у банку — 7,5 мільёна долараў ЗША. Высветлілася таксама, што пасля яго смерці адвакат пачала вышукваць хоць якіх-небудзь сваякоў мільянера. Далей ужо мне кажуць, што проста шукалі "надзейнага чалавека з такім жа прозвішчам". І цяпер у мяне просяць дазволу на прадстаўленне як "даверанай асобы". Каб вярнуць усе грошы, трэба мяне прадставіць банку як сваяка. Далей пайшлі перамовы пра тое, што гэта за сваяк такі, адкуль узяўся. Але нейкіх адэкватных адказаў на свае пытанні я не атрымаў. Толькі ўвесь час у мяне выпытвалі розныя асабістыя звесткі: прафесію, узрост, сямейнае становішча і гэтак далей. Верагодна, для таго, каб ведаць, на якія "кнопкі" націскаць можна. І ўсё выглядала дастаткова праўдападобна, нават банк са мною звязаўся, у якім быццам бы ляжалі мае грошы. Даслалі мне нейкую паперчыну з незразумелымі нібыта эмблемамі ці знакамі гэтага банка і дзіўным подпісам аднаго з начальнікаў. Я гэта "еў" і нават "дабаўкі" прасіў. І ўрэшце атрымаў пісьмо з просьбай перавесці 1850 еўра для актывацыі майго рахунку ў банку... Гэта была апошняя мая размова з махлярамі. Даведаўшыся, што я не збіраюся ім нічога даваць і прашу ўнесці грошы з тых самых маіх 7,5 мільёна, "добразычліўцы" перасталі адказваць на мае лісты.

Галоўнае — не ўступаць у перапіску

Пра інтэрнэт-махляроў пасля эксперымента я пагутарыў з Алегам Слепчанкам, намеснікам начальніка аддзела ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

— З "нігерыйскімі пісьмамі" толькі ваша ўпраўленне змагаецца?

— Махлярства знаходзіцца па-за нашай юрысдыкцыяй. Гэтым займаецца крымінальны вышук. Мы толькі аказваем садзейнічанне. У той жа час інтэрнэт ідзе па Беларусі неверагодна вялікімі крокамі — прырост колькасці карыстальнікаў, напэўна, да гэтага часу самы хуткі на постсавецкай прасторы. Але аператыўнай, вышуковай, судовай і экспертнай практыкі ў нас яшчэ недастаткова. Гэты від махлярства ўвогуле адзін з найстаражытных відаў злачынстваў. У гэтым выпадку інтэрнэт з'яўляецца проста інструментам. Як і ў любым махлярстве, асноўная мэта — атрыманне грошай ад патэнцыйнай ахвяры. Як гэта зрабіць? Сёння гэта называюць прыгожым выразам "сацыяльны інжынірынг". Прасцей сказаць, "электронная цыганка".

— Адкуль усё гэта з'явілася?

— Самі "нігерыйскія пісьмы" з'явіліся яшчэ на папяровых носьбітах. Таму гэтай з'яве як мінімум пару дзясяткаў гадоў. Проста інтэрнэт як форма камунікацыі прадугледжвае больш хуткі і шырокі ахоп. А таксама больш зручныя для злачынцы адносіны паміж патэнцыйнай ахвярай і махляром. Чаму? Рэч у тым, што ананімнасць праз паперу не вельмі ўплывае на людзей. А тут атрымліваецца так: прыйшло пісьмо, а чалавеку, можа быць, лянота адказваць на яго ці яшчэ што (пакуль збярэцца пісаць, з'явяцца сумненні, напрыклад). Самае галоўнае ў гэтым махлярстве — прымусіць чалавека перапісвацца. А далей ужо ідзе яго паступовае "ўцягванне". Ведаеце, як гандляры кажуць: я паклаў тавар, прыцягнуў чалавека, але гэтага мала; ён павінен падысці і паглядзець, пасля трэба прымусіць яго дастаць кашалёк, узяць і аддаць грошы — і толькі пасля гэтага здзелка завершана. Чалавека пачынаюць "прамацваць". І па характары перапіскі ці па аналізе таго, на якія сайты ён заходзіць, што шукае, аб чым размаўляе з іншымі карыстальнікамі на форумах і гэтак далей, можна распрацаваць план "атакі". Ананімнасць у інтэрнэце вельмі прывідная, але ахвяры здаецца, што яна ёсць. Гэта значыць, што калі чалавек актыўны карыстальнік, а часцей за ўсё з падобнымі прапановамі могуць выйсці менавіта на такога, то значыць, што ён дзесьці калісьці штосьці камусьці пісаў, дзесьці рэгістраваўся, пакідаў адрас электроннай пошты. Могуць глядзець на інтэлектуальны ўзровень, узрост чалавека, жанчына гэта ці мужчына. Будуць шукаць, на што можна націснуць. Таму асноўная небяспека гэтых "нігерыйскіх пісьмаў" — уступленне ў перапіску ці страта асцярожнасці.

— Хто часцей за ўсё становіцца ахвярай?

— Штогод зусім розныя людзі туды трапляюць. Усё гэта проста псіхалогія, разлік на пэўныя чалавечыя якасці. І гэта з'ява вельмі жыццяздольная яшчэ і таму, што не ўсе людзі ідуць з заявамі ў міліцыю пасля таго, як іх абрабавалі — толькі калі гэта вельмі значныя сумы. А аднойчы, у сярэдзіне 2000-х гадоў, наш прадпрымальнік таксама патрапіў на такі "развод". Нават лятаў у Лондан, як быццам у офіс. Некаторы час ішоў нармальны бізнэс, а пасля яго проста "кінулі" на вельмі значную суму. Паехалі нашы аператыўнікі працаваць са Скотланд Ярдам (мы размаўлялі з прадстаўнікамі адной са спецслужбаў Вялікабрытаніі — і яны таксама разводзяць рукамі і не ведаюць, што з гэтым махлярствам рабіць).

Таксама Алег Слепчанка падзяліўся некаторымі парадамі: 

  • Лепш не адкрываць гэтых пісьмаў і не распачынаць ніякай перапіскі. 
  • Калі чалавек насамрэч штосьці выйграў ці атрымаў спадчыну, то сувязь з ім праз інтэрнэт для апавяшчэння пра гэта малаверагодная. 
  • Калі ў інтэрнэце прадаецца які-небудзь тавар ці паслуга і патрабуюць перадаплату, то гэта амаль на 100 % махлярства. Якая можа быць перадаплата ў інтэрнэце? Як я цябе пасля знайду? 
  • Людзі павінны памятаць пра "сыр у пастцы".

Яго ўжо ніколі не "развядуць"

У інтэрнэце існуе шмат форумаў, на якіх людзі абмяркоўваюць, як іх або ўжо абрабавалі праз "нігерыйскія пісьмы", або толькі збіраюцца. Але па многіх з іх вандруе адно вельмі эмацыйнае паведамленне ахвяры такіх махляроў. Прывяду некаторыя цытаты з гэтага "крыку душы":

"Усім мільянерам прывітанне! А мне асабліва! Я тут пачытаў вашы лісты і "раптам" да мяне дайшло, што я самы лох! Да мяне прыйшло такое ж пісьмо, таксама на mаіl.ru, таксама аб спадчыне. І нават таксама з Тога. Але мяне падвяла наяўнасць грошай, калі мяне папрасілі адправіць 850 долараў ЗША быццам для таго, каб банк пацвердзіў, што я спадкаемца..."

"На наступны дзень ужо з банка прыйшло пісьмо аб тым, што банк пацвердзіў наша сваяцтва, і цяпер законным уладальнікам фонду з'яўляюся я!

Але!!! Карыстацца гэтымі грашыма ў іх краіне я не магу, іх трэба перасылаць. Прыязджайце самі і падпішыце пару дакументаў аб законным атрыманні спадчыны ці найміце "нашых" адвакатаў, "акрэдытаваных" нашым банкам. Ну што за пытанне? Давайце я прыеду сам! На што адвакат напісаў наступнае: "Я ўсё разумею, але з-за таго, што вы нічога не ведаеце пра свайго памерлага сваяка, банк можа забраць фонд назад". Далей ён напісаў, што трэба наймаць адвакатаў. А навошта мне адвакаты, калі ў мяне ёсць ты?!"

"Я не стаў адпраўляць пасля 850-ці долараў яшчэ 6700".

"Ну, натуральна, ужо ніхто нават на пісьмы не адказвае: ні банк, ні адвакат. Цішыня. Плакалі мае 850 долараў. Таму можаце з імі пагутарыць, папрыкідацца, што заўгодна, але ні капейкі ім не давайце!!!" 

Віды "Нігерыйскіх пісьмаў":

Латарэя. Адкрываеце электронную скрыню і са здзіўленнем чытаеце ліст: "З радасцю паведамляем, што вы сталі пераможцам нашай латарэі і выйгралі галоўны прыз — аўтамабіль. Для афармлення выдаткаў па дастаўцы прыза перавядзіце пэўную суму...". Для пераканальнасці высылаюцца ўсялякія атрыбуты, якія пацвярджаюць сапраўднасць: фотаздымак аўтамабіля, нумар ліцэнзіі, пасведчанне аб рэгістрацыі і іншая сфабрыкаваная макулатура.

Аўкцыён. На спецыяльных сайтах праводзяцца таргі, сярод лотаў на якіх аказваюцца каштоўныя рэчы. Вы таргуецеся, з дапамогай персанальнага банкаўскага чэка ці чэка паштовага ведамства, аплачваеце тавар і чакаеце яго. У найлепшым выпадку замест заказанага вамі швейцарскага гадзінніка атрымаеце аднадзённы гадзіннік "жоўтай" зборкі. А ў найгоршым — вашы грошы растворацца ў рэальных кішэнях віртуальных махляроў.

Праца. Размова ідзе пра лісты з прапановамі "200$ у дзень", "500$ у дзень" за няцяжкую, законную працу ў інтэрнэце. Патэнцыйным ахвярам прапаноўваецца зрабіць выгадныя капіталаўкладанні ці ўладкавацца на высокааплатную працу, пералічыўшы мізэрную суму.

"Шлюбны кантакт". Усё, што для гэтай аферы патрабуецца — прыдуманае імя, некалькі фотаздымкаў маладых і прыгожых славянак. Жулік тонка "апрацоўвае" ахвяру, гуляючы на слабасцях чалавека. Віртуальны раман заканчваецца тым, што ахвяра высылае грошы на аплату візы і білетаў для "каханай". Самае дзіўнае, што нават праз месяцы пасля падману каханак з кветкамі працягвае чакаць сваю сяброўку ў аэрапорце... 
 
Нужные услуги в нужный момент