Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

В Беларуси


Фота Андрэя Міскевіча
Фота Андрэя Міскевіча
Супольная малітва праз скайп з’яднала моладзь з Гродна, Ашмян, Ліды і Шчучына 31 кастрычніка. Малітоўную сустрэчу прымеркавалі да заканчэння месяца малітвы на ружанцы (гэта адзін са спосабаў малітвы на вяровіцы або пацерках. - Дав. TUT.BY), да Свята Усіх Святых і Года веры.

У Гродне да супольнай малітвы праз скайп заахвоціў кіраўнік АД “Open” кс. Антоні Грэмза, яго ідэю падтрымала і арганізавала моладзь. У Ашмянах моладдзю на малітоўнай сустрэчы апекаваўся кс. Валеры Аброшка, у Лідзе-Фары – кс. Уладзіслаў Сурвіла, у Шчучыне – а. Вітольд Пятэльчыц.

Па словах кс. Антонія Грэмзы, сёлетняя сустрэча была вельмі добра наладжана з тэхнічнага боку, бо скайп мае больш магчымасцей злучацца на адлегласці без перашкод.

- Інтэрнет мае магчымасць стварыць умовы для лепшай камунікацыі паміж вернікамі, а ў выніку паміж вернікамі і Богам. Такая сучасная камунікацыя можа быць прасторай для малітвы, для моладзі гэта асабліва важна, - дадаў святар.

Напрыканцы разважанні былі напоўнены хвілінамі цішыні, а пасля душпастары блаславілі моладзь.

Малітоўная сустрэча такога кшталту ладзілася ўжо другім разам. У мінулым годзе моладзь праводзіла ружанец праз тэлефон у катэдры, з’яднаўшы ў малітве вернікаў з 5 гарадоў. Арганізатары супольнай малітвы на ружанцы плануюць праводзіць такую ініцыятыву раз на месяц па суботах у розных парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, калі будзе магчыма, сумесна з парафіямі і з іншых дыяцэзій.