Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Гаджеты


Аляксандр Арсёнаў,

Маладая суполка мабільных распрацоўшчыкаў прадставіла падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску мабільны гід GoMinsk пад Android i iOS. Ад аналагаў праграма адрозніваецца некамерцыйнасцю і наяўнасцю вялікай колькасці турыстычных маршрутаў.



GoMinsk даступная на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. Спампаваць яе можна для Android i iOS. Найперш карыстальніку прапануецца спампаваць базу аб’ектаў і маршрутаў для далейшага афлайн-доступу.
 
Праграму GoMinsk стваральнікі Flaxtreme называюць: “Гідам для тых, хто хоча пазнаёміцца з розным Мінскам”. Гід змяшчае мапу ды спіс турыстычных кропак і аб’ектаў харчавання (клубы, бары, рэстарацыі, кавярні з адрасамі і тэлефонамі), наяўнасць Wi-Fi у кавярнях і гатэлях, адрасы сувенірных крамаў, мапу метро.
 
Унікальным складнікам гіда з’яўляюцца тэматычныя шпацыры па горадзе — не спасылкі на замову платных экскурсій, а інфармацыя для самастойных пешых паходаў. Тут карыстальніку прапануюцца духоўны і эка-шпацыр, моўны і мастацкі, маршрут па месцах, з якімі звязаныя гарадскія паданні альбо gay-friendly-маршрут.


 
“Нам захацелася распрацаваць сучасную ветлівую да карыстальніка праграму - моладзевую і стылёвую”, - распавяла IT.TUT.BY Ганна Лакціёнава, адна са стваральнікаў праграмы. Аўтары GoMinsk знаёмыя і з іншымі мабільнымі гарадскімі гідамі, але лічаць, што здольныя зрабіць нешта яшчэ больш цікавае: “Да таго ж, вельмі мала гідаў па-англійску і зусім няма па-беларуску, а GoMinsk увогуле трохмоўны”.
 
Большасць апісанняў да гарадскіх аб’ектаў у GoMinsk знойдзеная на абшарах Байнэта (пра гэта сведчаць і спасылкі на крыніцу інфармацыі ў канцы даведак), але стваральнікі з часам плануюць напоўніць праграму аўтарскімі тэкстамі. Тым больш, што некаторыя маршруты таксама маюць аўтараў: “Нешта знайшлі самі, знаёмыя прапанавалі і іншыя тэмы. Калі прыйшлі ў Таварыства беларускай мовы з прапановай аб “моўным шпацыры”, ахвотна дапамог сам Алег Трусаў, старшыня ТБМ”, - прыгадвае Ганна, але прызнаецца, што наперадзе яшчэ шмат працы. “Зрабілі тое, на што хапіла рэсурсаў”. Бо пачыналі распрацоўваць праграму толькі 2 чалавекі, а цэлая каманда стваральнікаў збіралася паступова.
 
Аўтары хацелі выпусціць праграму яшчэ да пачатку чэмпіянату, але трохі не паспелі. “Праблема ў тым, што не зусім распрацавалі план. Было проста вялікае наіўнае дзіцячае жаданне зрабіць нешта прыгожае”, — як кажа Ганна, GoMinsk усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі бэта-тэставання. Але чэмпіянат будзе добрым стрэс-тэстам.
 
У планах распрацоўшчыкаў версія для Windows Phone і, магчыма, вэб-версія для настольных камп’ютараў. Плануюцца і новыя аўтарскія артыкулы, фота, цікавыя месцы і маршруты. Прымаецца і кантэнт ад карыстальнікаў - калі маеце прапановы, высылайце іх на gominsk2014@gmail.com. Па тым жа адрасе прымаюцца скаргі на памылкі і недапрацоўкі ў праграме.
 
“Важна, што мы стварылі праграмную і серверную платформу. На аснове GoMinsk можна стварыць гіды і для іншых гарадоў, ды хоць GoBelarus”, - кажа праграміст Аляксандр Каральчук. На запушчаным сайце openbelarus.by, што таксама з’яўляецца партнёрам і для GoMinsk, прадстаўлены і іншыя цікавыя маршруты - і збіраюцца новыя.
 
Як сцвярджае праграміст, да GoMinsk лёгка падлучыць і сервісы накшталт курсу валют, выкліку таксі ці раскладу грамадскага транспарту, любыя аб’екты і катэгорыі. “Гатовыя выслухаць прапановы ад іншых распрацоўшчыкаў, хай далучаюцца”, - кажа Аляксандр.
 
Для ўдзельнікаў Flaxtreme праграмаванне - не асноўны занятак, усе яны яшчэ студэнты. Над праграмным забеспячэннем GoMinsk працавалі толькі тры чалавекі. Акрамя гіду ў іх партфоліа жывыя шпалеры з гербам “Пагоня” і мабільны рэпетытар. Рэклама ў праграме не з’явіцца, як абяцаюць распрацоўшчыкі. Тым не меней яны зацікаўлены ў спонсарстве бараў і кавярняў, што будзе “літасным” метадам падтрымкі праграмы.
 
Супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі аўтары гіда пакуль не думалі: “Здаецца, некаторыя шпацыры могуць быць не надта добра ўспрынятыя”, - кажа Ганна. “Але мы адкрытыя для любых цікавых прапаноў і ідэй!”

Акрамя віртуальных экскурсій, аўтары прапануюць асабіста правесці ў якасці прэзентацыі GoMinsk і жывыя экскурсіі па трох маршрутах.
 
Спампаваць GoMinsk для iOS >>