Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Наука


Канстанцін Касяк,

Пра жыццё гэтага чалавека можна смела здымаць кіно. Вялікі эпічны фільм з галівудскім размахам. Самы сталы беларус у свеце, навуковец з сусветным імем, Барыс Кіт святкуе 6 красавіка свой юбілей - 105 гадоў.

Фото: www.budzma.by
Кінастужка атрымалася б вялікая – на цэлы корпус серый, кожная з якіх была б прысвечаная асобнаму перыяду жыцця галоўнага героя. Як "Хронікі маладога Індыяны Джонса", у якіх на фоне жыцця вядомага навукоўца-археолага паказаныя пераломныя моманты ў жыцці цэлых народаў. Але герой Джорджа Лукаса – персанаж выдуманы, зборны вобраз, які ўвабраў у сябе найлепшае з амерыканскіх прыгодніцкіх тэлесерыялаў. Мы ж маем справу з рэальным чалавекам, хто скарыў Амерыку і ёсць не проста сведкам стагоддзя, але і непасрэдным удзельнікам многіх вызначальных падзей для беларускага народа ў прыватнасці і для чалавецтва ў цэлым.

Барыс Кіт нарадзіўся ў колішняй сталіцы Расійскай імперыі ў 1910 годзе. Дзяцінства і юнацтва правёў на Навагрудчыне. Скончыў народную школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Фото: www.budzma.by
Фота з кнігі "Зорны шлях", укладальнік Лідзія Савік, "Кнігазбор", 2011. Фота: www.budzma.by

У 1930-я Барыс Кіт працаваў выкладчыкам у легендарнай Віленскай беларускай гімназіі і нават паспеў стаць яе дырэктарам у 1939 годзе. У той час гэта была не проста навучальная ўстанова, а сапраўдная кузня кадраў, дзе гартавалася будучая нацыянальная эліта. Калі пачаць пералічваць усіх, хто ў ёй вучыўся і выкладаў, то атрымаецца асобны тэкст з вялікім спісам персаналій. Трыццатыя гады для Заходняй Беларусі, як вядома, былі часам неспакойным. І вось наш герой быў у самым цэнтры гэтага вірлівага жыцця.

Яшчэ з маладых гадоў Барыс Кіт захапляўся паэзіяй, нават стварыў гурток падчас навучання ў Навагрудскай гімназіі. Відаць, менавіта таму свае заняткі ўжо ў якасці выкладчыка ў Віленскай беларускай гімназіі ён пачынаў з вершаў. Чытаў вучням Хведара Ільяшэвіча, Сяргея Хмару, Максіма Танка, Наталлю Арсенневу ды іншых.
Разам з выкладчыцкай дзейнасцю не забываўся спадар Барыс і на беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы ён быў арыштаваны польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Навагрудку за дачыненні з "Грамадой" Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства беларускай школы. Сядзеў, дарэчы, разам з вядомым беларускім дзеячам Рыгорам Шырмай.

З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы – працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.

Фото: www.budzma.by
Фота з кнігі "Зорны шлях", укладальнік Лідзія Савік, "Кнігазбор", 2011. Фота: www.budzma.by

Падчас нямецкай акупацыі ён будзе дырэктарам у Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, а пасля ў Паставах. Таксама будзе ачольваць Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вілейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне. Беларусь недалічылася шматлікіх спецыялістаў, якія б маглі паслужыць на карысць Бацькаўшчыне. Нездарма вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч называе масавы паваенны ад'езд беларусаў найвялікшай нацыянальнай трагедыяй для беларускага народа.

Фото: www.budzma.by
Фота з кнігі "Зорны шлях", укладальнік Лідзія Савік, "Кнігазбор", 2011. Фота: www.budzma.by

На чужыне Барыс Кіт няспынна вучыцца. У Амерыцы пачынае займацца касмічнымі распрацоўкамі. Ён адзін з тых, дзякуючы каму адбылася рэвалюцыйная для ўсяго чалавецтва падзея – высадка чалавека на Месяц. Справа ў тым, што менавіта спадар Барыс – вынаходнік інавацыйнага віду паліва, вадкага вадароду, якое выкарыстоўвалася для запускаў у космас. Акрамя гэтага, ён займаецца развіццём сувязі паміж Зямлёй і Месяцам. Дзякуючы навуковым распрацоўкам Барыса Кіта мы можам цяпер глядзець фота і відэа са спадарожніка. Ён жа напісаў і выдаў першы ў гісторыі чалавецтва падручнік па астранаўтыцы.

У 1972 годзе Барыс Кіт вяртаецца ў Германію, у горад Франкфурт-на-Майне, дзе займаецца універсітэцкімі даследаваннямі і выкладчыцкай дзейнасцю. Зразумела, што і тут ён дасягае поспеху.

Фото: www.budzma.by
Фота з кнігі "Зорны шлях", укладальнік Лідзія Савік, "Кнігазбор", 2011. Фота: www.budzma.by

Не забываўся Барыс Кіт і на сукрэвічаў – дзякуючы яго намаганням у штаце Нью-Джэрсі паўстала найбуйнейшая калонія беларусаў у ЗША. Там атабарылася болей за 300 беларускіх сямей. Таксама наш герой з'яўляўся фундатарам для многіх беларускіх эміграцыйных арганізацый. Можна адзначыць, што мова - а Барыс Кіт вольна валодае шасцю мовамі, - а таксама жаданне вучыцца робяць фенаменальныя рэчы.

Фото: www.budzma.by

На прыкладзе Барыса Кіта можна не толькі здымаць гістарычнае кіно, але і пісаць матывацыйныя кнігі. Яго жыццё – яркі доказ таго, што беларус можа дасягнуць поспеху не толькі на Радзіме, але і па-за яе межамі, не забываючыся пры гэтым на родную старонку.

Нядзіўна, што імя Барыса Кіта было закладзенае ў "капсулу часу" разам з імёнамі найлепшых навукоўцаў сусветнай касманаўтыкі, якая замураваная ў сцяну амерыканскага Капітолія. Нашчадкі і праз 500 гадоў, калі яе ўскрыюць, будуць ведаць сваіх герояў.
Нужные услуги в нужный момент
{banner_819}{banner_825}
-20%
-20%
-30%
-10%
-20%
-10%
-22%
-40%