15 лютага ў Гродне ў межах сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» прайшоў трэці рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў. У заходнюю сталіцу Беларусі з’ехаліся вучні з Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей — і ўсё дзеля таго, каб прапанаваць ідэі, як з дапамогай сучасных тэхналогій можна палепшыць жыццё.

Крэатон праходзіў у наступным фармаце: удзельнікам паказалі відэаролікі сусветна вядомых спікераў у сферы тэхналогій і ІТ. Пасля школьнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў генерыравалі ідэі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй.

Школьнікам прапанавалі вырашыць два пытанні. І першае было звязана с тэхналагічнымі інавацыямі, якія на думку старшакласнікаў неабходны ў сучаснай школе — як з дапамогай сучасных тэхналогій можна зрабіць больш эфектыўным працэс навучання?

Сярод агучаных школьнікамі прапаноў:

— стварыць робата-сябра, які дапамагае ў вучобе;

— распрацаваць дадатак для сталовай, праз які можна паглядзець меню і зрабіць замову;

— інтэграваць інтэрактыўныя дошкі і смартфоны вучняў — тыя, у каго дрэнны зрок, могуць праглядаць матэрыял з экрана тэлефона;

— выкарыстоўваць у навучальным працэсе VR-акуляры, сімулятары, анлайн-гульні, квэсты, каб лепш засвойваць матэрыял;

— праводзіць відэаканференцыі з сусветна вядомымі экспертамі і выкладчыкамі, здымаць заняткі на відэа і публікаваць іх на сайце школы;

— зрабіць разумны гадзіннік, які дапамагае прачнуцца, напрыклад, праз заданне нейкіх простых пытанняў «на ўключэнне»;

— замест адзнак ставіць у электронным дзённіку смайлы і ўвогуле перавесці падручнікі і працоўныя сшыткі ў электронны фармат — заплечнік стане значна лягчэйшым!

Пасля гэтага старшакласнікам прапанавалі знайсці ідэі сінтэзу тэхналагічных інавацый і патрэб грамадства ў такіх сферах, як культура, інклюзія і экалогія. Вучні школ, гімназій і ліцэяў прапаноўвалі ідэі дадаткаў і ўкаранення разнастайных тэхналагічных інавацый. Так, сярод агучаных прапаноў былі ідэі:

  • стварыць дадатак, які фіксуе памер забруджвання навакольнага асяроддзя кожным з нас;
  • распрацаваць анлайн-карту для людзей з асаблівымі патрэбамі, на якой пазначаны месцы з пандусамі;
  • зрабіць наведванне музеяў і гістарычных мясцін больш цікавым. Для гэтага размяшчаць на помніках і экспанатах QR-код, з дапамогай якога можна даведацца больш цікавай інфармацыі, і выкарыстоўваць VR-акуляры;
  • распрацаваць культурны дадатак, які ўключае навігатар па гістарычным мясцінам, апавяшчэнні з цікавай інфармацыяй пра нацыянальныя святы;
  • прыбраць ляжачых паліцэйскіх. Замест іх стварыць дадатак, які паказвае, колькі ў дадзены момант пешаходаў і дзе.

Усе прапанаваныя старшакласнікамі ідэі разгледзелі запрошаныя эксперты па вызначаных тэмах і прадстаўнікі кампаніі А1. Эксперты, сярод якіх Глеб Койпіш — дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт», і Алег Каратаеў — вядучы інжынер па тэсціраванні ПЗ, EPAM Grodno, звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задум і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі.

Каманды, якія прапанавалі лепшыя IT-рашэнні, атрымалі падарункі, а ўсе выступоўцы — карысныя парады ды каментары ад экспертаў. Напрыканцы мерапрыемства быў абраны найлепшы прамоўца крэатона, а таксама прамоўца, які лепш за ўсіх валодае беларускай мовай.

Рэгіянальныя крэатоны — частка адукацыйнай праграмы праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Крэатоны ўжо прайшлі ў Віцебску і Магілёве і сталі адной з яркіх падзей для мясцовай моладзі. Апошні крэатон адбудзецца 29 лютага ў Гомелі і будзе прысвечаны тэме экалогіі. Напярэдадні мерапрыемства, 21 лютага, у Дзень роднай мовы, выйдзе эпізод падкаста «Першыя», гаворка ў якім пойдзе пра найцікавейшыя экалагічныя ініцыятывы Беларусі, а таксама пра тое, чым нам пагражае засілле пластыка.

«Першыя» — гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак яшчэ працягваецца, і прапанаваць сваю задуму да 8 сакавіка могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны ўдзельнік конкурса цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзела ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз — iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk.

Больш падрабязнай інфармацыі — на сайце праекта «Першыя» www.generation.A1.by.

-10%
-10%
-40%
-20%
-70%
-50%
-10%
-50%